Беларуская Служба

55 гадоў таму адбылася прэм’ера фільму «Фараон» паводле вядомага раману Баляслава Пруса

29.03.2021 07:58
У кінастужцы адну з галоўных роляў выканала славутая Барбара Брыльска. 
Аўдыё
  • 55 гадоў таму адбылася прэм’ера фільму «Фараон» паводле вядомага раману Баляслава Пруса
Kadr z filmu Faraon
Kadr z filmu "Faraon"FORUM/ Mary Evans Picture Librar

55 гадоў таму адбылася прэм’ера фільму «Фараон» рэжысёра Ежы Кавалеровіча. Кінакарціна знятая паводле аднайменнага вядомага раману Баляслава Пруса. Згаданую кінастужку бясспрэчна можна назваць польскай суперпрадукцыяй.

«Фараон» быў восьмым фільмам Ежы Кавалеровіча. Быў зняты пасля кінастужкі «Маці Яанна ад анёлаў» – прыгожай кінаадаптацыі апавядання вядомага польскага пісьменніка Яраслава Івашкевіча. Гэты фільм Кавалеровіч зняў з аператарам Ежы Вуйцікам, з якім пазней працаваў неаднойчы. Вуйцік быў адным з лепшых польскіх кінааператараў, вядомым тым, што любіў гуляць святлом і асвятленнем. І гэта, дарэчы, бачна ў «Фараоне».

«Фараон» – гэта гісторыя Рамсеса ХІІІ, маладога егіпецкага манарха, які пасля смерці бацькі займае трон. Ён прымушаны змагацца за ўладу з надзвычай уплывовай кастай жрацоў. Яны арганізуюць загавары і сабатажы супраць фараона. Манарх жа імкнецца атрымаць доступ да грошай жрацоў, каб умацаваць войска і сваю палітычную ўладу. Дарэчы, Рамсес ХІІІ – гэта выдуманы пісьменнікам персанаж. На самой жа справе апошнім фараонам у гісторыі, які меў такое імя, быў Рамсес ХІ.

На фільм Ежы Кавалеровіч атрымаў вялікія грошы. І хоць «Фараон» не здабыў важных узнагарод, акрамя намінацыі да «Оскара», то быў адным з фільмаў, які праглядзела шмат мільёнаў людзей. Фільм не толькі акупіўся, але і зарабіў немалыя грошы. Паказвалі яго не толькі ў Польшчы, але і ў іншых краінах ды на вядомых кінафестывалях, у тым ліку на Канскім.

Дарэчы, кінакарціну здымалі больш за тры гады: здымкі пачаліся ў 1962 годзе і закончыліся ў 1965-м. Кінастужку здымалі ў Егіпце, Савецкім Саюзе (на пустыні Кызылкум ва Узбекістане) і ў Польшчы, у тым ліку на Блэндоўскай пустыні. У сцэнах манеўраў войск фараона ў якасці статыстаў ігралі ваеннаслужачыя Савецкай арміі, а рака Ніл была адлюстраваная возерам Кірсайты, якое знаходзіцца ў рэгіёне Мазуры (паўночны ўсход Польшчы).

Падчас здымкаў на пустыні былі створаныя спецыяльныя халадзільныя камеры, у якіх захоўвалася стужка, уражлівая да высокіх тэмператур, а для акцёраў і персаналу дастаўлялі ваду і іншыя ахаладжальныя напіткі ў вялізнай колькасці.

Неўзабаве пасля прэм’еры Ежы Кавалеровіч атрымаў дзяржаўную прэмію ў галіне культуры.

Рамсеса ХІІІ сыграў Ежы Зельнік – малады акцёр, для якога гэтая роль стала першай, адразу ж прынёсшы яму вядомасць. Акрамя таго, адну з галоўных роляў – роль Камы, – выканала вядомая беларускаму гледачу Барбара Брыльска.

Дарэчы, цікавы факт: Ежы Зельнік і Барбара Брыльска былі жанатыя, хоць іх шлюб быў нядоўгім і вельмі хутка распаўся.

Валеры Саўко

слухайце аўдыёфайл

на фота: кадр з фільму «Фараон»

Больш на гэтую тэму: Машына часу